Стымуляванне сацыяльна-эмацыянальнага развіцця ў 18–24 месяцы
Сацыяльныя пачуцці
• Вопыт, які чалавек набывае пры ўзаемадзеянні з іншымі людзьмі, выклікае розныя пачуцці. Часам яны бываюць моцнымі і іх цяжка кантраляваць.
• Акрамя радасці ці гневу, у дзіцяці можа ўзнікаць пачуццё збянтэжанасці і дыскамфорту з-за няўдач, сораму або зайздрасці. Ваша рэакцыя — адабрэнне або крытыка — фарміруе пачуцці дзіцяці.
• Дапамажыце дзіцяці ўсвядоміць і абазначыць свае эмоцыі, у гэтым выпадку яно будзе лепш сябе адчуваць і яму будзе лягчэй кантраляваць моцныя эмацыянальныя праяўленні. Пры гэтым дзіцяці будзе прасцей разумець і паважаць пачуцці іншых людзей.
• Будзьце ўважлівы і асцярожны, калі крытыкуеце паводзіны дзіцяці, — прагаворвайце, што вы разумееце яго пачуцці, зразумела тлумачце, чым выклікана крытыка.
Пратэст і нежаданне слухацца
• У гэты перыяд могуць часцей узнікаць сітуацыі, калі ваша дзіця не робіць таго, чаго вы ад яго чакаеце. Такім чынам яно паказвае сваю незалежнасць, настойлівасць у рэалізацыі сваіх намераў, але таксама і тое, што яму цяжка прымаць некаторыя абмежаванні і правілы.
• Многія эмацыянальныя праяўленні ў дзіцяці могуць выяўляцца ў выглядзе нястрымных пратэстаў — істэрык. Старайцеся захоўваць спакой. Не рэагуйце рэзка, не злуйцеся. Вашы паводзіны павінны быць накіраваны на тое, каб дапамагчы дзіцяці спраўляцца з такімі сітуацыямі.
• Сачыце за тым, каб вашы патрабаванні і рэакцыі былі паслядоўнымі і зразумелымі для вашага дзіцяці. Старайцеся тлумачыць свае дзеянні, давайце яму зразумець, чаму лепш слухацца і жыць дружна.
• Часам дарослым даводзіцца пераглядаць правілы. Калі вы ўстанаўліваеце занадта многа абмежаванняў, гэта можа выклікаць больш рэзкае супраціўленне з боку дзіцяці і пагоршыць паводзінныя праблемы.