Заўчасныя роды: маральная і эмацыянальная падрыхтоўка

Калі існуе верагоднасць заўчасных родаў, цалкам натуральна, што вы і ваш муж/партнёр можаце перажываць разнастайныя эмоцыі. Пракансультуйцеся з медыцынскімі работнікамі і пагаварыце з іншымі бацькамі, у якіх дзеці нарадзіліся раней за тэрмін. Падрыхтавацца да заўчасных родаў дапамогуць расслабляльныя практыкаванні і пазітыўнае мысленне. Перад будучымі родамі рэкамендуецца азнаёміцца з інфармацыяй пра аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі нованароджаных (АІТН).
Body

Маральная і эмацыянальная падрыхтоўка да заўчасных родаў

Калі вы ведаеце, што ў вас могуць здарыцца заўчасныя роды і што вашаму нованароджанаму давядзецца на нейкі час застацца ў бальніцы, вы можаце перажываць самыя розныя эмоцыі — гэта нармальна як для вас, так і для вашага мужа/партнёра. Вы можаце адчуваць радасць, любоў, бездапаможнасць, смутак, віну, страх ці трывогу.

У такой сітуацыі вам трэба загадзя як мага больш даведацца пра заўчасныя роды і асаблівасці дзяцей, народжаных раней за тэрмін. Вы можаце пагаварыць са сваім лечачым урачом і задаць яму хвалюючыя вас пытанні, напрыклад пра асаблівасці працэсу заўчасных родаў. Магчыма, вам будзе карысна пагутарыць з іншымі бацькамі, у якіх дзіця нарадзілася неданошаным.

Калі ёсць магчымасць, запішыцеся ў сваёй паліклініцы на курсы па падрыхтоўцы да родаў. Як правіла, на такіх курсах спецыяліст не толькі расказвае пра самі роды, але і вучыць бацькоў асновам догляду нованароджанага.

Як захоўваць спакой перад заўчаснымі родамі

Перад родамі вы можаце адчуваць разгубленасць ці хваляванне. Вось некалькі рэкамендацый, якія дапамогуць захаваць спакой:

  • Рабіце дыхальныя і рэлаксацыйныя практыкаванні для расслаблення мышцаў, практыкуйце медытацыі.
  • Займайцеся тым, што вас расслабляе, — слухайце спакойную музыку, гуляйце, малюйце, чытайце ці рабіце тое, што прыносіць вам задавальненне.
  • Вырашайце праблемы па меры іх паступлення. Засяродзьцеся на тым, што трэба зрабіць сёння, і паспрабуйце не турбавацца пра тое, што можа здарыцца заўтра.
  • Канцэнтруйцеся на пазітыўных думках, напрыклад спакойна, з любоўю і ў станоўчым рэчышчы думайце пра дзіця.
  • Калі трэба, звярніцеся па дапамогу. Вы можаце пагаварыць з кімсьці з вашай сям’і ці з сябрам, якому вы давяраеце, з урачом ці іншым спецыялістам (псіхолагам, псіхатэрапеўтам).

Знаёмства з аддзяленнем інтэнсіўнай тэрапіі нованароджаных

Пасля нараджэння ваша неданошанае дзіця могуць змясціць у аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі нованароджаных (АІТН). Як правіла, у такіх аддзяленнях немаўляты акружаны мноствам розных прыбораў і апаратаў, што спачатку можа вас моцна занепакоіць ці нават спалохаць. Часам АІТН складана асацыіраваць з палатай для нованароджаных.

Магчыма, калі вы папярэдне (да родаў) больш даведаецеся пра аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі, то пасля будзеце спакайнейшымі пры наведванні там свайго дзіцяці. Урач ці акушэрка праінфарміруюць вас аб правілах АІТН.

Падрыхтоўка старэйшых дзяцей да заўчасных родаў, якія могуць у вас здарыцца

Перад тым, як адправіцца ў бальніцу, рэкамендуецца пагаварыць са старэйшымі дзецьмі.

Калі вы раскажаце ім пра тое, што адбываецца, яны будуць менш хвалявацца наконт змен у планах. Магчыма, іх будзе хваляваць, што дзіця можа нарадзіцца раней за тэрмін з-за іх ці што яны заразяцца ад яго якой-небудзь хваробай. Растлумачце дзецям, што яны ні ў чым не вінаватыя і што яны не могуць нічым заразіцца ад немаўляці.

Паведаміце дзецям хаця б прыкладна, як доўга вы і іх нованароджаны (-ая) брат/сястра будзеце ў бальніцы — колькі дзён ці тыдняў. Можна зрабіць каляндар, на якім яны змогуць адзначаць дні, калі наведвалі вас у бальніцы, і закрэсліваць дні, якія засталіся да вашага вяртання дадому разам з нованароджаным.

Дзецям трэба растлумачыць, што вы будзеце праводзіць шмат часу ў бальніцы. Раскажыце, хто будзе за імі прыглядаць і дапамагаць ім, пакуль вы наведваеце нованароджанага ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі ці знаходзіцеся з ім у бальніцы.

Можна загадзя абмеркаваць з дзецьмі спосабы зносін (тэлефонная сувязь або месенджары) або магчымасці наведвання вас, пакуль вы будзеце не дома. Пакажыце дзецям фотаздымкі неданошаных дзяцей — так вы лепш падрыхтуеце іх да таго, як дзіця будзе выглядаць, калі яны ўбачаць яго ўпершыню. Дзеці могуць намаляваць для нованароджанага малюнак — гэта дапаможа ім зблізіцца з немаўлём.

Вельмі важна падрыхтаваць сябе маральна і эмацыянальна да заўчасных родаў. Ёсць шмат практычных дзеянняў, якія вы можаце зрабіць перад родамі, каб палегчыць жыццё сабе і сваёй сям’і.