Заўчасныя роды: усё, што вы хацелі спытаць
Чаму трэба задаваць пытанні пра заўчасныя роды
Цалкам нармальна, калі напярэдадні заўчасных родаў вы хвалюецеся за сябе і за дзіця. Сітуацыя можа здавацца вам некантралюемай.
Адзін са спосабаў хаця б часткова ўзяць яе пад кантроль — атрымаць неабходную інфармацыю, задаўшы адпаведныя пытанні.
Дзе праходзяць заўчасныя роды
Адно з магчымых сур’ёзных пытанняў: «Дзе народзіцца маё неданошанае дзіця?».
Хутчэй за ўсё, вы будзеце нараджаць у звычайным радзільным доме пры бальніцы.
Калі ваша дзіця (ці дзеці) народзіцца значна раней за тэрмін — на 32-м тыдні ці раней, магчыма, вам давядзецца нараджаць у бальніцы, дзе ёсць аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі нованароджаных, а не ў той, да якой вы прыпісаны.
Бальніцы з аддзяленнямі інтэнсіўнай тэрапіі звычайна знаходзяцца ў буйных гарадах. Калі вы пражываеце ў райцэнтры, сельскай мясцовасці або ў аддаленым раёне, магчыма, вам давядзецца паехаць у гарадскую бальніцу да родаў.
Калі дзіця нарадзілася ў бальніцы, дзе няма аддзялення інтэнсіўнай тэрапіі, а немаўля трэба змясціць у такое аддзяленне, бальніца выдзеліць спецыялізаваную машыну хуткай дапамогі, каб даставіць дзіця ў іншую медыцынскую ўстанову, дзе ёсць такое аддзяленне. Калі ў гэтай бальніцы ёсць радзільнае аддзяленне, то вы зможаце пераехаць туды, як толькі будзеце ў стане здзяйсняць паездкі.
Каб лепш зразумець, як менавіта будзе адбывацца працэс родаў у вашым выпадку, абмяркуйце гэтае пытанне са сваім урачом ці акушэркай.
Што будзе адбывацца падчас заўчасных родаў і пасля нараджэння дзіцяці
Ведаючы, чаго чакаць падчас заўчасных родаў, вы будзеце менш перажываць. Каб больш даведацца пра працэс родаў, пра тое, што адбудзецца пасля іх і як медыцынскі персанал будзе вам дапамагаць, варта пагаварыць са сваім урачом ці акушэркай.
Вось прыклады пытанняў пра роды і дапамогу з боку медперсаналу, якія вы можаце задаць урачу ці акушэрцы.
Заўчасныя роды і нараджэнне дзіцяці
- Я вельмі засмучаная з-за сітуацыі, якая склалася. Я сабе не так гэта ўяўляла і вельмі перажываю за дзіця. Як вы можаце мне дапамагчы?
- Ці маглі б вы тлумачыць простымі словамі, каб мне было зразумела?
- Вы ведаеце, чаму ў мяне роды пачаліся (ці пачнуцца) так рана?
- Ці могуць быць улічаны мае пажаданні наконт родаў, напрыклад: натуральныя роды, кесарава сячэнне, без абязбольвання? Калі не, то чаму?
- У мяне не было магчымасці наведваць курсы для цяжарных. Вы дапаможаце мне правільна дыхаць падчас схватак і правільна паводзіць сябе падчас родаў?
- Ці будзе ў мяне абязбольванне падчас родаў?
- Мне спатрэбяцца якія-небудзь лекі? Навошта? У чым заключаецца іх дзеянне?
- Ці будзеце вы трымаць мяне ў курсе таго, як праходзяць роды і як сябе адчувае дзіця?
- Ці можа мой партнёр заставацца са мной да моманту нараджэння дзіцяці?
Неданошанае дзіця
- Ці змагу я ўбачыць дзіця і дакрануцца да яго адразу пасля нараджэння?
- Як будзе выглядаць маё дзіця, якога яно будзе памеру? Якая падтрымка яму спатрэбіцца пасля родаў?
- Ці трэба змясціць дзіця ў аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі? Як хутка пасля нараджэння?
- Ці змагу я або мой муж/партнёр адправіцца ў аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі з нашым дзіцем?
- Калі я змагу ўзяць дзіця на рукі?
- Ці спатрэбяцца дзіцяці якія-небудзь лекі? Навошта? У чым заключаецца іх дзеянне?
- Ці патрэбна немаўляці якое-небудзь спецыялізаванае абсталяванне? Навошта?
- Ці будзе маё дзіця жыць?
«Было балюча, калі медсёстры ў бальніцы падключылі два маніторы, якія паказвалі, што роды пачаліся. Схваткі паўтараліся кожныя дзве хвіліны. Прыйшоў урач, ён быў вельмі добры: інфармаваў нас пра кожны крок, пра вынікі і магчымыя наступствы. Няма часу. Агульны наркоз. Мне было страшна — не за сябе, а за наша дзіця».
Маці неданошанага дзіцяці, якое нарадзілася на 33-м тыдні.