Адносіны з малымі дзецьмі: ідэі і парады

Ключавыя моманты: цеплыня і чуласць у адносінах паміж бацькамі і дзіцем з’яўляюцца асновай яго развіцця і камфорту. Адносіны з малымі дзецьмі мяняюцца па меры таго, як у іх развіваюцца незалежнасць, маўленне і пачуцці. Умацоўвайце вашы адносіны з дзіцем, уважліва слухаючы яго, размаўляючы з ім, робячы разам паўсядзённыя справы і ўдзяляючы яму пазітыўную ўвагу.
Body

Аб адносінах з малымі дзецьмі

Цёплыя, стабільныя і заснаваныя на спагадлівасці адносіны маюць фундаментальнае значэнне для развіцця і камфорту дзяцей.

Калі ў вас такія адносіны з малым дзіцем, яно адчувае сябе ў бяспецы, а гэта ў сваю чаргу дае дзцяці ўпэўненасць у тым, што яно можа даследаваць свет і вучыцца. Калі дзіця даследуе навакольны свет, яно вучыцца пэўным чынам сябе паводзіць, думаць, разумець, наладжваць зносіны, праяўляць эмоцыі і развіваць сацыяльныя навыкі.

Вашы адносіны з малым дзіцем: чаго чакаць

У раннім узросце дзеці хутка развіваюцца. Па меры сталення дзіцяці вы, верагодна, заўважыце, што вашы адносіны з ім мяняюцца.

Ваша дзіця ўсведамляе, што яно — самастойны чалавек. Яно захоча быць незалежным, напрыклад, можа імкнуцца самастойна есці ці адзявацца. Акрамя таго, дзіцяці можа не падабацца, калі яго адгаворваюць ад таго, на што яно само настроілася. У той жа час ваша дзіця можа баяцца расстання з вамі і не хацець, каб вы пакідалі яго з іншымі людзьмі.

Здольнасць разумець і выкарыстоўваць мову сфарміруецца ў вашага дзіцяці вельмі хутка. Развіццё маўлення дазволіць пашырыць колькасць сумесных заняткаў і гульняў, і вы зможаце пачаць працаваць над сацыяльнымі навыкамі, такімі як уменне дзяліцца і гаварыць па чарзе. Напрыклад, гуляючы з мячом, можна тлумачыць: «Цяпер ты катай мяч... А зараз мая чарга».

Эмоцыі вашага дзіцяці таксама развіваюцца і становяцца больш разнастайнымі. Дзіця пачынае адчуваць моцныя пачуцці, але не заўсёды можа іх кантраляваць ці знайсці словы, каб выказаць. Бывае так, што сваё засмучэнне дзеці праяўляюць істэрыкай. Калі вы будзеце ўважліва сачыць за пачуццямі дзіцяці, вы зразумееце, што часам істэрыку можна прадухіліць. Да таго ж увага да пачуццяў — заўсёды добры спосаб умацаваць вашыя адносіны.

Малыя дзеці пачынаюць разумець узаемасувязь паміж тым, што яны робяць, і тым, што адбываецца ў выніку, напрыклад: галубы паляцяць, калі да іх хутка падбегчы. Можа аказацца, што зараз вы нашмат больш актыўна праводзіце час з дзіцем, чым раней. Калі вы побач, пакуль дзіця даследуе ўсё вакол, яно будзе пачувацца бяспечна і адчуваць у сабе здольнасць спрабаваць нешта новае.

Трывалыя адносіны паміж бацькамі і дзецьмі — гэта нешта большае, чым проста сумеснае вясёлае баўленне часу. Звяртайце ўвагу на пачуцці дзіцяці, хваліце яго і дапамагайце знаходзіць словы для выказвання моцных эмоцый — усё гэта падахвочвае яго да таго, каб добра сябе паводзіць.

Выбудоўваем трывалыя адносіны з дзіцем: парады

Для дзяцей любога ўзросту важныя цеплыня і спагадлівасць бацькоў, якія ўдзяляюць ім увагу і даюць адчуванне ўпэўненасці і бяспекі. Вось некалькі парад, як падтрымліваць такія адносіны з малым дзіцем:

  • Удзяляйце дзіцяці многа станоўчай увагі. Гэта могуць быць зусім простыя дзеянні, напрыклад: можна апусціцца на калені побач з дзіцем і мякка абняць яго за плечы, калі яно паказвае вам нешта ў пясочніцы.
  • Знаходзьце час, каб разам весела нешта рабіць ці гуляць. Напрыклад, малыя дзеці любяць прыбірацца, гуляць з вялікімі пустымі кардоннымі каробкамі і бегаць па садзе або парку. Лепш за ўсё проста заахвочваць дзіця рабіць тое, што яму зараз хочацца.
  • Чытайце разам. Рэгулярнае чытанне з малым дзіцем — асаблівы час для зносін. Гэты занятак таксама стымулюе ўяўленне вашага дзіцяці і дапамагае яму спазнаваць навакольны свет.
  • Ешце ўсёй сям’ёй за агульным сталом. Дзякуючы гэтаму ўмацоўваюцца сямейныя адносіны, а дзіця адчувае сябе неад’емнай часткай усяго, што адбываецца.
  • Падтрымлівайце прагрэсіруючую незалежнасць вашага дзіцяці, дазваляючы яму прымаць рашэнні. Напрыклад, можна прапанаваць яму выбраць нешта з двух карысных перакусаў ці адну з дзвюх футболак, калі вы дапамагаеце яму апрануцца.
  • Калі ваша дзіця засмучанае, расстроенае, дапамажыце яму падабраць словы для выказвання сваіх пачуццяў і суцешце яго, напрыклад: «Ой! Банан упаў. Нічога страшнага. У цябе ў талерцы ёсць яшчэ банан». Разуменне эмоцый — ключавая частка самарэгуляцыі, важная для ўсіх адносін вашага дзіцяці цяпер і ў будучыні.
  • Калі вашаму дзіцяці складана расставацца з вамі, размаўляйце з ім пра такія сітуацыі, напрыклад: «Мне трэба пайсці па прадукты. З табой бабуля, вы пагуляеце, а калі табе пара будзе ўкладвацца спаць, я ўжо вярнуся». Дзеці адчуваюць сябе больш спакойна, ведаючы, калі вам трэба будзе сысці, дзе і з кім яны будуць у гэты час і калі вы вернецеся.
  • Памятайце пра тэмперамент вашага дзіцяці, калі плануеце весела праводзіць час разам. Напрыклад, калі ў вас менш таварыскае дзіця, можа быць, лепш пабыць дома і разам памаляваць, а не ісці ў шумны дзіцячы цэнтр.

Важна клапаціцца пра сябе. Калі вы вылучыце нават некалькі хвілін у дзень на занятак, які вам падабаецца, напрыклад на прагулку ці чытанне часопіса, гэта можа мець вялікае значэнне для вашага ўспрымання таго часу, які вы праводзіце з дзіцем. Важна берагчы сябе — гэта ідзе на карысць вам, а значыць, і вашым адносінам з дзіцем і яго развіццю.