Інфекцыя сярэдняга вуха (сярэдні атыт)
Інфекцыя сярэдняга вуха, або сярэдні атыт
Орган слыху (вуха) складаецца з трох асноўных частак: вонкавага вуха (вонкавы слыхавы праход і вушная ракавіна), сярэдняга вуха (прастора за барабаннай перапонкай, якая злучаецца з насаглоткай пры дапамозе канала, а таксама размешчаныя ў гэтай прасторы слыхавыя костачкі) і ўнутранага вуха (у ім размешчаны структуры і нервовыя канчаткі, якія дапамагаюць распазнаваць гук).
Інфекцыя сярэдняга вуха (сярэдні атыт) — гэта заражэнне інфекцыйным агентам (бактэрыямі або вірусам) у вобласці за барабаннай перапонкай.
Інфекцыі сярэдняга вуха з’яўляюцца дастаткова распаўсюджанай з’явай сярод дзяцей ранняга ўзросту.
Сімптомы сярэдняга атыту
У большасці выпадкаў інфекцыі сярэдняга вуха ў дзіцяці праяўляюцца скаргамі на боль у вуху. Дзіця можа губляць раўнавагу і дрэнна чуць. Да сімптомаў сярэдняга атыту таксама адносяцца высокая тэмпература, насмарк, раздражняльнасць і адсутнасць апетыту.
Малыя дзеці могуць многа плакаць і цягнуць сябе за хворае вушка, асабліва па начах ці калі ўкладваюцца спаць.
У некаторых выпадках запаленне ў сярэднім вуху прыводзіць да разрыву барабаннай перапонкі. Пры гэтым з вуха могуць выцякаць густыя, а часам і крывяністыя выдзяленні. Гэта дапамагае зменшыць ціск у вуху пры інфекцыйна-запаленчым працэсе і палягчае боль. Разрыў барабаннай перапонкі звычайна гоіцца натуральным шляхам.
Калі трэба звярнуцца да ўрача пры падазрэнні на інфекцыю сярэдняга вуха
Варта звярнуцца да ўрача-спецыяліста (педыятра або отарыналарынголага) у наступных выпадках:
- дзіця скардзіцца на боль у вуху;
- з’явіліся якія-небудзь выдзяленні з вуха ў дзіцяці;
- павысілася тэмпература цела, пагоршыўся агульны стан дзіцяці, непакоіць рвота;
- з’явіліся цяжкасці з дыханнем;
- у дзіцяці часта ўзнікаюць вушныя інфекцыі;
- развіўся ацёк, апухла завушная прастора або вушная ракавіна зрушылася наперад.
Дыягностыка сярэдняга атыту
На прыёме ўрач агледзіць вуха дзіцяці з дапамогай атаскопа.
Калі ў дзіцяці раней некалькі разоў дыягнаставалі атыты або калі ўрач падазрае хранічную інфекцыю, ён можа накіраваць дзіця на праверку слыху.
Лячэнне сярэдняга атыту
Сімптомы інфекцыі сярэдняга вуха звычайна праходзяць самаадвольна на працягу 24–48 гадзін, таму антыбактэрыяльная тэрапія не патрабуецца.
Пры моцнай балючасці эфектыўныя процізапаленчыя прэпараты (парацэтамол або ібупрафен) у рэкамендуемай дазіроўцы, а таксама абязбольваючыя вушныя кроплі.
Калі праз 48 гадзін дзіцяці па-ранейшаму балюча і яно дрэнна сябе адчувае, асабліва калі яму менш за 12 месяцаў, па рэкамендацыі ўрача можа быць прызначаны кароткі курс антыбіётыкаў.
У большасці выпадкаў стан дзіцяці паляпшаецца пасля некалькіх дзён лячэння антыбіётыкамі, аднак заўсёды неабходна завяршаць поўны курс. Калі занадта рана спыніць лячэнне, гэта можа прывесці да паўторнага ўзнікнення інфекцыі.
Супрацьацёкавыя сродкі, антыгістамінныя прэпараты і кортыкастэроіды не эфектыўныя пры інфекцыях сярэдняга вуха.
Не рэкамендуецца закладваць у вуха дзіцяці вату ці выдаляць выдзяленні з дапамогай ватнай палачкі, бо гэта можа прывесці да пашкоджанняў.
Прафілактыка інфекцыі сярэдняга вуха
Пры частых атытах у дзіцяці для прадухілення заражэння рэкамендавана выкарыстоўваць люверсы — спецыяльныя вентыляцыйныя трубкі, якія прадухіляюць назапашванне вадкасці за барабаннай перапонкай і дапамагаюць захаваць слых. Калі дзіцяці патрабуюцца люверсы, неабходна звярнуцца да отарыналарынголага.
Варта пазбягаць прысутнасці дзіцяці ў памяшканні з тымі, хто курыць. Малыя дзеці, якія падвяргаюцца пасіўнаму курэнню, больш схільныя да ўзнікнення шэрагу розных захворванняў, у тым ліку інфекцый сярэдняга вуха.