Аддзяленне рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі нованароджаных: чаго чакаць
Што такое аддзяленне рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі нованароджаных
Аддзяленне рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі нованароджаных (АРІТН) — гэта спецыялізаванае аддзяленне арганізацыі аховы здароўя, якое аснашчана высокатэхналагічным абсталяваннем для догляду і назірання за неданошанымі і нованароджанымі дзецьмі, якія знаходзяцца ў стане, што пагражае іх жыццю.
Каманда профільных спецыялістаў АРІТН уключае ўрачоў-неанатолагаў, урачоў-анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў, медыцынскіх сясцёр і іншых спецыялістаў.
Як выглядае аддзяленне рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі нованароджаных
Першае знаёмства з АРІТН пачынаецца з вывучэння яго ўнутраных правіл і распарадку, якія неабходна строга выконваць.
Перад тым, як увайсці ў аддзяленне, патрабуецца апрацаваць рукі антысептычным сродкам. Абавязковай умовай для наведвальнікаў з’яўляецца нашэнне сродкаў індывідуальнай абароны (СІА): масак, бахіл, шапачак і аднаразовых халатаў. У большасці пацыентаў АРІТН паніжаны імунны статус, таму яны лёгка ўспрымальныя да розных інфекцый. Правільная і старанная апрацоўка рук і нашэнне СІА зніжаюць рызыку развіцця інфекцыйных ускладненняў.
У АРІТН арганізаваны ціхія гадзіны, калі святло прыглушана і захоўваецца цішыня. Немаўляты, якія знаходзяцца ў гэтым аддзяленні, асабліва патрабавальныя да ўзроўню шуму і ступені асветленасці.
У большасці пацыентаў або адкрыты ложачак з падагрэвам, або закрыты кувез (спецыяльны інкубатар для неданошаных дзяцей). Унутры падтрымліваюцца пэўныя тэмпература, вільготнасць паветра і ўзровень кіслароду. Абавязковай з’яўляецца наяўнасць манітора з датчыкамі для вызначэння частаты сардэчных скарачэнняў і дыхання, тэмпературы цела, працэнта насычэння крыві кіслародам, а таксама для інвазіўнага/неінвазіўнага вымярэння артэрыяльнага ціску. Важнай таксама з'яўляецца наяўнасць спецыялізаванага абсталявання для аднаўлення праходнасці дыхальных шляхоў. Ва ўсіх выпадках без выключэння на кожнага пацыента вядуцца карты сутачнага маніторынгу, дзе адзначаюцца асноўныя паказчыкі вітальных функцый (частата сардэчных скарачэнняў, сатурацыя, ціск, дыурэз і г. д.)
У залежнасці ад таго, наколькі цяжкім з’яўляецца стан пацыента і ў якой медыцынскай дапамозе ён мае патрэбу, дадаткова можа быць задзейнічана рознае абсталяванне:
- апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх — на той выпадак, калі патрабуецца замяшчэнне дыхальнай функцыі лёгкіх;
- апараты для ўнутрывеннага ўвядзення лекавых сродкаў з магчымасцю рэгулявання хуткасці іх падачы;
- апараты для вызначэння газавага і электралітнага складу крыві.
Большасць апаратаў падключаецца да маніторнай станцыі, пры гэтым для іх прадугледжана магчымасць выстаўлення розных узроўняў трывог. І калі нейкія паказчыкі дзіцяці выйдуць за межы парогавых значэнняў, маніторная станцыя паведаміць персаналу пра наяўныя адхіленні.
Аддзяленне рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі нованароджаных: арыенцір на сям’ю
Персанал АРІТН радзільных дамоў імкнецца ў сваёй працы да арыентаванасці на ранняе ўз’яднанне маці і дзіцяці. Парадак у радзільных дамах можа адрознівацца, але незалежна ад гэтага ў кожным з іх будуць дзейнічаць правілы ўнутранага распарадку, якія забяспечваюць клопат пра дзіця і сям’ю, — вы заўсёды можаце азнаёміцца з імі. У кожным аддзяленні адведзены спецыяльны час для размовы з лечачым урачом. Вам раскажуць пра стан вашага дзіцяці, вынікі аналізаў, выкананыя ці запланаваныя дыягнастычныя працэдуры, тактыку лячэння і прагнозы. Як правіла, выдзелены пэўны час для гутаркі з дзяжурнымі ўрачамі. Калі няма магчымасці для вочнай размовы, заўсёды можна звязацца са спецыялістам па тэлефоне паста АРІТН або ардынатарскай і задаць хвалюючыя пытанні.
Догляд, арыентаваны на сям’ю, у аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі становіцца «залатым стандартам» медыцынскай дапамогі. Гаворка ідзе пра ўзаемную павагу і работу сям’і ў супрацоўніцтве з урачамі, пра сумеснае прыняцце рашэнняў, што тычацца догляду дзіцяці і лячэння, мэта якіх — яго найхутчэйшае выздараўленне.