Паводзіны немаўлят і малых дзяцей, якія могуць вас непакоіць: сарамлівасць
Малыя дзеці могуць хавацца за сваімі бацькамі, пазбягаць гульняў з аднагодкамі ці дарослымі або адмаўляцца гаварыць, калі да іх звяртаецца незнаёмы чалавек.
Дзіця звычайна «адтае» пасля таго, як правядзе пэўны час з гэтым чалавекам або прывыкне да абстаноўкі, у якой апынулася. Часам сарамлівасць не знікае цалкам, але дзіця паступова пачынае адчуваць сябе больш нязмушана і ўпэўнена ў зносінах з іншымі людзьмі.
Што можна зрабіць
- Дайце дзіцяці неабходны час, каб яно змагло асвоіцца і адчуць сябе камфортна. Не настойвайце на кантакце: ні на фізічным (калі дзіця бяруць на рукі, цалуюць, абдымаюць, ціснуць руку), ні на вусным (калі яму задаюць пытанні).
- Дайце дзіцяці зразумець, што тыя пачуцці, якія яно адчувае, — гэта нармальна, прагаварыце іх і запэўніце дзіця, што вы разам знойдзеце спосаб зрабіць так, каб яно адчувала сябе больш камфортна (напрыклад, можна сказаць: «Я бачу, што ты крыху саромеешся, таму што не ведаеш гэтых дзяцей, давай я пайду разам з табой, і мы паглядзім, у што яны гуляюць»).
- Будзьце побач з немаўлём/малым дзіцем у новай для яго абстаноўцы або ў сітуацыях, якія патрабуюць узаемадзеяння (напрыклад, на дзіцячых пляцоўках, у гульнявых пакоях). Пры гэтым дапамагайце дзіцяці вывучыць усё вакол — прастору, цацкі. Заўсёды хваліце дзіця за «смеласць»: калі яно адказвае, глядзіць на чалавека, спрабуе нешта новае, уступае ў кантакт ці гуляе далёка ад вас само па сабе ці з кімсьці.
- Будзьце спакойныя і стрыманыя — не адмахвайцеся ад дзіцяці, але і не занадта яго суцяшайце. Рэагуйце на сітуацыю як на самую звычайную, пры гэтым імкнучыся запэўніць дзіця ў наступным: вы разумееце, што яму некамфортна, аднак вы побач і абавязкова дапаможаце яму асвоіцца і прывыкнуць. Служыце прыкладам для дзіцяці, каб яно магло вучыцца, назіраючы за вашымі рэакцыямі, вашай адаптацыяй і паводзінамі (напрыклад, заўсёды адказвайце, калі да вас звяртаюцца).
- Будзьце апорай для вашага дзіцяці, прымайце яго бок. Калі ў прысутнасці дзіцяці хтосьці назаве яго сарамлівым, тут жа папраўце гэтага чалавека (каб дзіця чула): «Яму/ёй проста патрэбны час, каб асвоіцца і пазнаёміцца з усімі. Як толькі ён/яна адчуе сябе больш камфортна, то таксама пойдзе гуляць». Гэта дае дзіцяці сігнал пра тое, што вы разумееце яго пачуцці, прымаеце яго і ўпэўненыя ў яго здольнасці справіцца з гэтай сітуацыяй.
Калі сарамлівасць з'яўляецца праблемай
Часам сарамлівасць можа перарасці ў трывожнасць — празмерны неспакой. Калі ў дзіцяці ярка выражаная сарамлівасць, якая перашкаджае яму і вам у паўсядзённым жыцці (з ім не атрымліваецца бываць у пэўных месцах, яно пазбягае сітуацый, якія патрабуюць кантакту, адчувае страх ці дыскамфорт на дзіцячых пляцоўках, у гульнявых пакоях), і з цягам часу вы не бачыце ніякіх змен, звярніцеся па кансультацыю да спецыяліста.