2 месяцы — прывыкаем адзін да аднаго і наладжваем распарадак
Развіццё дзіцяці на 2-м месяцы
Зносіны
Што новага?
Першае, на што вы зверніце ўвагу ў гэты перыяд, — гэта тое, што ваша дзяўчынка плача больш, чым у першыя дні пасля нараджэння. Такія паводзіны ўласцівы дзіцяці на другім месяцы жыцця, і яны будуць такімі на працягу трэцяга месяца. Насамрэч гэтыя змены сведчаць пра тое, што ваша дзяўчынка вучыцца наладжваць зносіны з вамі. Яе плач стаў больш разнастайным, з яго дапамогай яна заяўляе, што галодная, адчувае дыскамфорт або стамілася. Вы таксама пачняце заўважаць, што дзіця выдае буркуючыя гукі (магчыма, «о-о-о» або «а-а-а») і пачынае агукаць.
Што вы можаце зрабіць?
Пройдзе нейкі час, перш чым ваша дзяўчынка пераканаецца, што вы сапраўды разумееце яе сігналы, таму важна кожны раз рэагаваць на яе плач. Размаўляйце з ёй выразна і павольна; калі яна ўтварае гукі, дэманструйце радасць мімікай і голасам, паўтарайце за ёй.
Пачуцці
Што новага?
Ваша дзяўчынка наладжвае з вамі ўзаемаадносіны і пазнае вас пераважна па вашым паху і голасе. Яна спрабуе шукаць вас і іншых блізкіх людзей. У гэты перыяд яна ўжо можа адказаць вам сваёй першай усмешкай — гэта сапраўды чароўны момант.
Звычайна на другім месяцы жыцця немаўляты пачынаюць больш прыкметна рэагаваць на гукі — калі вы размаўляеце са сваёй дзяўчынкай, яна не толькі пазнае вас, але і рэагуе на ваш голас, гледзячы вам у вочы. Вядома, ёй па-ранейшаму трэба, каб вы пра яе клапаціліся, але яна ўжо можа супакоіць сябе сама, напрыклад, засоўваючы кулачок сабе ў рот.
Што вы можаце зрабіць?
Кожны раз, калі вы робіце нешта, што неабходна немаўляці, — корміце яго, мяняеце падгузнік ці бераце на рукі, размаўляеце ласкавым голасам і пяшчотна дакранаецеся, — яно адчувае сябе камфортна і бяспечна. Заўсёды супакойвайце сваю дзяўчынку, пяшчотна размаўляючы з ёй, мякка дакранаючыся, гушкаючы або напяваючы. Ёй падабаецца быць побач з вамі, азірацца і слухаць розныя гукі. Гушкайце сваю дзяўчынку, спявайце ёй і размаўляйце на «дзіцячай мове». Часцей гуляйце з ёй, звяртайце ўвагу на тое, што ёй падабаецца і што супакойвае. Дапамажыце сваёй дзяўчынцы навучыцца супакойвацца самастойна — калі яна смокча кулачок або палец, гэта нармальна.
Мысленне
Што новага?
Ваша дзяўчынка многаму вучыцца, разглядаючы ўсё вакол, напрыклад, калі сочыць за прадметамі, якія падабаюцца. Ёй цікава разглядаць твары, якія яна бачыць, гэта служыць для яе яшчэ адной крыніцай новай інфармацыі. Дзіця можа пачаць сумаваць і стаць трывожным, калі доўга занята адным і тым жа. Аднак і празмерная актыўнасць вакол яго можа стаміць немаўля.
Што вы можаце зрабіць?
Калі ваша дзяўчынка ляжыць на жывоціку, вы можаце пакласці перад ёй яркую цікавую цацку і парухаць яе з боку ў бок. Калі дзіця пачне праяўляць незадаволенасць, адварочваць галаву ці плакаць падчас гульні, гэта можа быць прыкметай празмернай стымуляцыі. Магчыма, трэба гуляць крыху павольней або зрабіць перапынак. Або вы зразумееце, што вашай дзяўчынцы сумна і варта змяніць занятак ці проста перанесці яе ў іншую частку пакоя. Вы ведаеце сваё дзіця лепш за ўсіх! Прапануйце вашай дзяўчынцы розныя прадметы, якія яна можа разглядаць, мацаць і трымаць у руцэ. Калі яна ляжыць на спіне, трымайце цацку або бразготку над яе галавой на ўзроўні вачэй, прыцягвайце ўвагу да прадмета, каб яна пацягнулася да яго. Гэта будзе новым і цікавым заняткам.
Рух
Што новага?
Да канца другога месяца жыцця дзіця асвойвае ўсё больш новых рухаў. Усе дзеці развіваюцца па-рознаму, у гэтым узросце ваша дзяўчынка, хутчэй за ўсё, ужо зможа падымаць галаву і паварочваць яе з боку ў бок, лежачы на жываце. Яе рухі рукамі і нагамі стануць больш плаўнымі і ўзгодненымі, чым адразу пасля нараджэння. Ёй цікава адкрываць для сябе сваё цела, таму ў гэты перыяд яна будзе з асаблівым энтузіязмам вывучаць свае рукі і пальцы, разглядаць іх, сціскаючы і расціскаючы кулачкі, з вашай дапамогай яна зможа ўтрымліваць у руцэ які-небудзь прадмет.
Што вы можаце зрабіць?
Выкладвайце сваю дзяўчынку на жывоцік, калі яна не спіць, і размясціце побач з ёй цікавыя і бяспечныя прадметы. Пагладжваючы і масажуючы яе, вы стымулюеце рухальную актыўнасць. Пры гэтым дзіця адчувае, што вы побач і можаце суцешыць яго, калі яно засмуціцца.
Ёсць многа іншых гульнявых спосабаў падтрымаць развіццё, вы можаце знайсці іх у раздзеле «Гуляем разам».
Асцярогі бацькоў з нагоды развіцця на 2-м месяцы
Паколькі ўсе дзеці развіваюцца па-свойму, немагчыма дакладна прадказаць, калі і як ваша дзіця засвоіць пэўныя навыкі. Чаканыя і прапісаныя на гэты перыяд здольнасці (этапы развіцця) даюць толькі агульнае ўяўленне пра змены, якія вы можаце чакаць па меры сталення вашай дзяўчынкі. Калі ласка, не хвалюйцеся, калі развіццё будзе адбывацца некалькі інакш.
Аднак для ўласнага спакою абавязкова пагаварыце са сваім педыятрам (ці іншым спецыялістам), калі ваша дзяўчынка, як вам здаецца, перастала рабіць нешта з таго, што ўжо ўмела, калі ў вас ёсць іншыя прычыны для хвалявання або калі ў вашага дзіцяці праяўляюцца якія-небудзь з наступных прыкмет магчымай затрымкі ў развіцці:
- дзіця часта і многа плача і вы звычайна не можаце яго супакоіць;
- не глядзіць на твары нават непрацяглы час;
- не рэагуе на яркае святло або гучныя гукі;
- дрэнна есць ці дрэнна спіць (або спіць больш за 16 гадзін у суткі);
- наогул не варушыць рукамі ці нагамі;
- не падносіць рукі да рота;
- не ўсміхаецца людзям.
Reference:
https://raisingchildren.net.au/newborns/development/development-tracker/1-2-months
Laura E. Berk (2006), Child development (7ht edition), Allyn & Bacon
Dr sci Nirvana Pištoljević (2016), Rani razvoj deteta: šta treba znati, Udruženje pedijatara Srbije, Beograd.